PostHeaderIcon Аб веры

(Канспект пропаведзі ад 28.01.2011 у Царкве ХВЕ г.Крупкі “Мілата Ісуса”.)

Па прыкладзе апостала Юды вырашыў і я прысвяціць гэтую пропаведзь «веры, адзін раз перададзенай святым» (Юды 1:3).

Звернемся ж да ўрыўка са Святога Пісання, які адкрывае нам важныя моманты гэтага фундаментальнага паняцця ў жыцці хрысціяніна.

Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго: Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе. Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго. А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой; бо і я чалавек падуладны; і маючы ў сябе ў падначаленні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць. Пачуўшы гэта, Ісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры. Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным; а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў. І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну (Мцв. 8:5-13).


Цэнтральны момант гэтага ўрыўка – вера сотніка, язычніка, якая здзівіла Госпада, і якую Ён паставіў у прыклад «веруючым». Заўважым, што ў Евангеллях толькі два разы Гасподзь выказваў здзіўленне – веры сотніка і нявер’ю жыхароў Назарэта.

Што ж дзіўнага ў гэтай веры? Па-першае, гэта вера «няверуючага». Па-другое, сотнік сказаў: «…скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой». Калі разглядаць служэнне Госпада храналагічна, мы не знаходзім у Евангеллях прыкладаў да гэтага, каб Ісус ацаляў кагосьці словам. Іншымі словамі – у сотніка не было прыкладаў для сваёй веры. Але ТАКАЯ вера ў яго была. Узнікае пытанне: адкуль у яго ТАКАЯ вера? Адказ на гэта пытанне мы можам знайсці ў словах самога сотніка, якія папярэднічалі вызнанню яго веры: Госпадзе! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах. Гэта ўрок для ўсіх нас: веры папярэднічае ціхмянасць, а вялікай веры – вялікая ціхмянасць. Не будзе ціхмянасці – не будзе веры.
Што яшчэ звяртае ўвагу – гэта міласэрнасць гэтага цудоўнага чалавека да свайго слугі, улічваючы тое, як у часы Рымскай імперыі ставіліся да слуг.

Адказ Госпада быў не менш выдатны: як ты вераваў, хай будзе табе. Што гэта азначае? Так, што сотнік атрымаў тое, што прасіў. Але не толькі! Ён атрымаў ТАК, ЯК ПРАСІЎ: Гасподзь ацаліў словам. О, вялікая мудрасць Божая!

На што яшчэ хацелася б звярнуць увагу ў гэтым урыўку, на словы Хрыста «праўду кажу вам». Зразумела, яны не азначаюць, што Гасподзь не заўсёды гаварыў праўду. Гэтымі словамі, дарэчы не толькі ў гэтым урыўку, Ён хацеў звярнуць нашу ўвагу на тыя Яго словы, якія мы маглі б палічыць малаважнымі ці перабольшваннем, красным слоўцам.

Працуючы на будоўлі, мы з братамі займаемся зараз металапрофілем. У рабоце з ім важна выкарыстоўваць адзін інструмент, які па-руску называецца «уровень», а па-беларуску «грунтвага». Ты вымерваеш ім адну плоскасць – бачыш, што ўсё ў норме. Але правяраеш другую плоскасць – і там не ўсё ў норме. Такім чынам і Бог прананоўвае нам праверыць нашу веру Сваім інструментам – Словам Божым. Так, для апраўдання чалавека Богу ад яго патрэбна толькі вера. Але якая вера? Гасподзь Ісус сказаў: «Майце веру Божую» (Мк. 11:23). Каб упэўніцца, ці Божая ў табе вера, Бог прапаноўвае чалавеку праверыць яе з розных плоскасцяў. Пра адну з такіх плоскасцяў мы з вамі разважалі ў адной з мінулых пропаведзяў:

І сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і не будзеце, як дзеці, не ўвойдзіце ў Царства Нябеснае (Мцв. 18:3).

Сёння я хацеў бы звярнуць увагу на іншую «плоскасць»:

Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць. Бо праўду кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з закону, пакуль не збудзецца ўсё. Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным. Бо, кажу вам, калі праведнасць ваша не пераважыць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, дык не ўвойдзіце вы ў Царства Нябеснае (Мцв. 5:17-20).

Як бачым, Гасподзь адкрывае нам, што для збаўлення адной «веры» недастаткова. Неабходна яшчэ, каб праведнасць (па законе) веруючага чалавека пераўзышла праведнасць людзей, якія называюцца Божымі, але Бога не ведаюць; ці «праведнасць» няверуючых.

Гэты ўрывак асабліва важны для прапаведнікаў Слова Божага: недастаткова навучыць, неабходна «выканаць і навучыць». Трэба, каб наша жыццё не адставала ад нашых пропаведзяў, а лепей – апераджала іх.

У заканчэнне хацелася б звярнуць на яшчэ адзін момант, які тычыцца веры. Часам у служыцеляў Божых ёсць меркаванне: усё, што так ці інакш садзейнічае веры ў Бога – добра. Але гісторыя паказвае, што гэта не так. У першая стагоддзі існавання Царквы было шмат пакутнікаў веры. З часам іх сталі асаблівым чынам ушаноўваць. Спачатку асобныя выдатныя служыцелі Божыя, якіх потым назвалі «бацькі Царквы», не вельмі гэта ўхвалялі. Але потым, паддаўшыся энтузіязму мас, яны сваім аўтарытэтам гэта зацвердзілі: так ці інакш гэта ж садзейнічала веры людзей у Бога. Да чаго гэта з цягам часу прывяло, мы ўсе ведаем: малітвы да святых і Марыі.

У Слове Божым ёсць адзін урывак, які добра гэта ілюструе:

На трэцім годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, зацараваў Эзэкія, сын Ахаза, цара Юдэйскага: дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Аві, дачка Захара. І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Давід, бацька ягоны; ён адмяніў вышыні, вычек дуброву і знішчыў меднага змея, якога зрабіў Майсей, бо ад самых тых дзён сыны Ізраілевыя кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан (4 Цар. 18:1-4).

Похожие статьи

  • No Related Post

Оставить комментарий

Хорошие сайты
Церковь ХВЕ РБ

invictory.org

BogVideo

BogTube

cliferadio.com

г. Крупки
для г. Крупки
Погода в г. Крупки  
Курсы валют. http://www.priorbank.by
Rating All.BY Каталог TUT.BY